ЖАЛЕ́ЗІСТЫЯ КВАРЦЫ́ТЫ, джэспіліты, таканіты, ітабірыты,

палоскавыя горныя пароды асадкавага ці вулканагенна-асадкавага паходжання, якія складаюцца ў асноўным з кварцу, магнетыту, радзей гематыту. Маюць характэрную тонкаслаістую будову (таўшч. 0,5—3 мм і больш). Колер цёмна-шэры ці фіялетава-чырвоны. Шчыльн. 3240—4290 кг/м³. Трываласць на сцісканне 370—400 МПа. Жалезная руда (жалеза ў магнетытавых Ж.к. больш за 25—30%, у гематытавых — 50—60%). Радовішчы прымеркаваны да дакембрыйскіх шчытоў і платформ. З Ж.к. складзены буйнейшыя ў свеце пластавыя жалезарудныя радовішчы — Курская магнітная анамалія (Расія), Крыварожскі жалезарудны басейн (Украіна), Мінас-Жэрайс (Бразілія) і інш. На Беларусі вядома Аколаўскае радовішча жалезных руд і Рубяжэвіцкае рудапраяўленне Ж.к., якія ўтварыліся асадкавым шляхам у абласцях рухомага вулканізму.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)